БЕЛАРУ́СКІЯ ПРЭС-БЮРО́,
інфармацыйныя бюро і карэспандэнцкія пункты, якія ствараліся ўрадам Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) для інфармавання замежнай грамадскасці пра Беларусь, бел. пытанне і дзейнасць урада БНР. 1-е прэс-бюро існавала з лета 1919 да 1925 пры Надзвычайнай місіі БНР у Берліне. Выдавала інфарм. бюлетэнь на бел. і ням. мовах. Беларускія прэс-бюро дзейнічалі таксама ў Рызе пры Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі (1919—21; кіраўнік У.Грунтоў), Капенгагене (1919—21; І.Лур’е), Коўне (пры дыпламат. прадстаўніцтве БНР у Літве, 1921—24; выдавала свой бюлетэнь), Нью-Йорку (1921; Бубешка), Таліне (наз. інфарм. аддзел, 1921—22; М.Чарвякоў). Карэспандэнцкія пункты ў розны час існавалі ў Парыжы, Празе, Варшаве, Вене, Бялградзе, Сафіі, Вільні, Гданьску, Канстанцінопалі.
Р.А.Лобаў.
т. 2, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)